Бульба ўрадзіла на дзіва! У гэтым сезоне навукоўцы плануюць сабраць каля 5 тысяч тон бульбы, што істотна вышэй за прагнозныя паказчыкі

 

Як толькі прыйшла пара капаць бульбу, шчучынкі Анастасія Горбач і Ала Маслава прыехалі ў Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі, каб дапамагчы навукоўцам убраць “другі хлеб”.

 

– З райцэнтра на поле нас прывозяць спецыяльна выдзеленым транспартам, – гаворыць Ала Аляксандраўна.

 

– Рабочы дзень пачынаецца з сямі гадзін раніцы і доўжыцца да трох гадзін дня. За гэты час кожны з нашай брыгады набірае да 1,5 тоны клубняў. За дзень можна зарабіць 50 рублёў, а можна ўзяць аплату бульбай. Асабіста я так і зраблю, бо вырошчваць яе на маленькім прысядзібным участку ў мяне няма магчымасці. Такім чынам забяспечу сваю сям’ю “другім хлебам” на зіму. Ужо магу атрымаць у лік зарплаты 1,5 тоны клубняў – гэтага больш чым дастаткова.

 

 

Пасадкi бульбы ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства займаюць 133,5 гектара, з якіх толькі 40 прызначаны для забеспячэння спажывецкага попыту (харчовых патрэб), а на астатніх навукоўцы вырошчваюць насенны матэрыял. На ўборцы “другога хлеба” ў арганізацыі  задзейнічаны капалка і тры камбайны, на адвозцы – шэсць адзінак тэхнікі. Штодзень у полі працуюць каля 50 сезонных работнікаў.

 

– Штогод мы садзім 10-12 сартоў больбы розных тэрмінаў выспявання, – зазначае загадчыца аддзела бульбы Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Ніна Хох. – Прабірачны матэрыял закупляем у асноўным у навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі Беларусі. Спачатку размнажаем яго ў лабараторных і цяплічных умовах, а атрыманае насенне праз год высаджваем у адкрыты грунт у нашых гадавальніках. Заслужанай папулярнасцю карыстаюцца такія сарты, як “уладар”, “авацыя”, “першацвет”, “маніфест”, “брыз”, “тайфун”, “скарб”, “янка”, “гарантыя” і “вектар”. Сёлета таксама праводзім іспыт новага беларускага гатунку “баярскі”. Акрамя таго, пасадзілі познаспелыя сарты “здабытак” і “выток”, якія карыстаюцца попытам па ўсёй краіне з-за высокага ўтрымання крухмалу ў клубнях. Атрымаць якасны насенны матэрыял можна толькі строга прытрымліваючыся тэхналогіі вырошчвання. Усё насенне перад пасадкай пратравілі згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Унеслі ў глебу неабходную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў, што станоўча адбілася на ўсходах і далейшым росце раслін. Разам з тым мы не ставім перад сабой мэту павялічыць валавы збор “другога хлеба”, галоўнае – атрымаць максімальную колькасць бульбы менавіта насеннай фракцыі і высокай якасці. Таму яшчэ ў першай дэкадзе жніўня апрацавалі бульбяныя палеткі спецыяльным хімічным прэпаратам, які хутка высушыў бульбоўнік. Вырашчаным ураджаем задаволены: атрымліваем да 400 цэнтнераў клубняў з кожнага гектара.

 

 

Выкапаную бульбу адразу адвозяць на бульбасховішча, якое пасля хуткага завяршэння рэканструкцыі будзе здольна змясціць 3 тысячы тон клубняў. Сабраны ўраджай пройдзе абавязковую праверку на адпаведнасць сартавым і пасяўным якасцям, у тым ліку на наяўнасць вірусаў. Таксама яго чакае ачыстка ад раслінных рэшткаў і каліброўка па памерах. Насеннымі лічацца клубні памерам ад 3 да 6 сантыметраў. Зімой яны будуць захоўвацца ў кантэйнерах у спецыяльных камерах, дзе ўсталяваны адпаведны мікраклімат: тэмпература паветра складае +2-5 градусаў, а вільготнасць падтрымліваецца на ўзроўні 80-85%.

 

Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, уборку “другога хлеба” ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства завершаць да 10 кастрычніка. У гэтым сезоне навукоўцы плануюць сабраць каля 5 тысяч тон бульбы, што істотна вышэй за прагнозныя паказчыкі. Прыкладна палова будзе рэалізавана насельніцтву або пойдзе на перапрацоўку. А насенне закладуць у бульбасховішча да самай вясны, калі попыт на яго стане максімальна высокім.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!