“ТАНДэМ” з Орлеўскай СШ імя С.П. Шупені пазнае родны край

Канікулы – час для ажыццяўлення дзіцячых мараў і планаў, адкрыцця для сябе новага і невядомага, здзяйснення вандроўкі па Беларусі, каб пазнаць свой край і сябе.
13 чэрвеня выхаванцы аздараўленчага лагера “ТАНДэМ” Орлеўскай сярэдняй школы імя С.П. Шупені адправіліся адкрываць для сябе Мастоўшчыну праз наведванне дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” і падвяснога пешаходнага маста.
Знаёмства з Мастоўскім музеем экалагічнага профілю абяцала шмат адкрыццяў. Так і атрымалася. На працягу гадзіны выхаванцы прайшлі след у след за экскурсаводам чатыры экспазіцыйныя і выставачныя залы.

У адным пакоі наведвальнікі адкрылі для сябе промыслы і рамёствы, звязаныя з лесам. Матэрыялы другой залы раскрылі гісторыю ўзнікнення прыгожага гарадка, які раскінуўся з двух бакоў магутнага Нёмана. Вельмі спадабалася выхаванцам зала, у якой размешчаны матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет Ліпічанскай пушчы. У хлопчыкаў і дзяўчынак “загарэліся вочы” ад скарбаў манет пачатку ХVІІ стагоддзя, мастоўскага жаночага строю адзення, калекцыі вырабаў з дрэва.

Беражліва захаваныя арыгіналы матэрыяльнай культуры мінулага беларускага краю ўзбагацілі духоўны свет орлеўскіх наведвальнікаў.
Прагулка па самым доўгім і самым высокім пешаходным мосце ў Беларусі для выхаванцаў “ТАНДэМа” была ўпершыню. Незвычайныя краявіды вялікай ракі выклікалі сапраўднае захапленне ў дзяцей. “Фантазёры” ўяўлялі сябе птушкамі, якія “падпарадкоўваюць” сабе вышыню!
Вельмі добра, што час падарожжа праведзены эфектыўна і з карысцю.
Тарэса ШЭРШАНЬ, выхавальнік лагера “ТАНДэМ”.
