“Бабуля Гэля -- арыенцір для ўсіх нас!” Так гавораць у сям’і Седляр пра доўгажыхарку Гелену Іванаўну Пац, якую на гэтым тыдні ўсім раёнам віншавалі са 100-годдзем

 

Так надарылася, што Гелена Іванаўна Пац ужо гадоў пятнаццаць, як жыве ў дружнай сям’і сваёй пляменніцы Сабіны Седляр. Менавіта тут не адчувае сябе адзінокай, бо заўжды акружана клопатам і ўвагай. На гэтым тыдні мноства гасцей прыйшло і прыехала ў Шчучын на вуліцу Астроўскага, каб павіншаваць Гелену Іванаўну з залатым юбілеем. Так-так, яна з кагорты тых унікальных людзей, якія ў добрым здароўі і пры выдатнай памяці адзначаюць сваё 100-годдзе.

 

Кола жадаючы выказаць шчырыя пажаданні юбілярцы атрымалася надзвычай шырокім. Сабралася ўся шматлікая радня – прадстаўнікі як мінімум трох пакаленняў, прыйшлі суседзі па лесвічнай пляцоўцы і нават ад імя аднавяскоўцаў  прыехала добрая знаёмая з Галавічполя, дзе Г. І. Пац раней жыла і працавала.

 

А яшчэ па цудоўнай традыцыі, што здавён замацавалася на Шчучыншчыне, 100-гадовую юбілярку з падарункамі, кветкамі, слодычамі і… новым пашпартам завіталі павіншаваць прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк ад душы пажадала Гелене Іванаўне моцнага здароўя і далейшага бадзёрага даўгалецця, каб усім сучаснікам было на каго раўняцца.

 

 

-- Ды бабуля Гэля сапраўды для ўсіх нас арыенцір! – не змагла стрымаць эмоцый стрыечная ўнучка Ірына Собаль, якая разам з матуляй нагатавала з нагоды такой урачыстасці мноства кулінарных радасцей.

 

Падарункі для доўгажыхаркі падрыхтавала і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Шанчук, якая павіншавала Гелену Іванаўну яшчэ і ад імя Беларускага саюза жанчын. А старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі ўручыў доўгажыхарцы букет гваздзікоў. Прадстаўнік службы па грамадзянству і міграцыі Шчучынскага РАУС прыехаў да Г.І. Пац з новым пашпартам, з якім жанчына ўступіць ў свой новы век.

 

Гелена Іванаўна прыветна ўсміхалася, дзякавала і з задавальненнем падтрымлівала гутарку. Дарэчы, яна – чалавек адукаваны: закончыла чатыры класы польскай школы. Почырк у яе каліграфічны, любіць на польскай мове перапісваць малітоўныя тэксты. На памяць ведае не адзін тузін вершаў, і з лёгкасцю прадэкламавала нам урывак з гістарычнай паэмы. А вось саспяваць тактоўна адмовілася, хоць, кажуць, вакальныя дадзеныя заўсёды былі цудоўныя. Яна па-ранейшаму многа чытае (прычым без акуляраў!), шчыра моліцца за ўсіх сваіх блізкіх, вельмі добразычлівая і ўраўнаважаная па характары. У свой час Іванаўна працавала ў жывёлагадоўлі, а калі гады сталі браць сваё, перайшла прыбіраць памяшканні ў школе, пасябравала і з настаўнікамі, і з вучнямі. Сваіх дзетак Бог не даў, і пасля смерці мужа Гелена Іванаўна заставалася зусім адна. Але пляменніца Сабіна забрала цёцю да сябе ў Шчучын. Так і жывуць у міры ды згодзе.

У сям’і любяць узгадваць нядаўнюю гісторыю, што адбылася літаральна пару месяцаў назад. Калі медыкі прыйшлі на дом, каб зрабіць 80-гадовым Сабіне Уладзіміраўне і Чэславу Вацлававічу Седлярам прышчэпкі супраць каронавірса, аголеную руку працягнула і бабуля Гэля.

 

-- На што скардзіцеся? Якія хранічныя захворванні ў Вас? Што за лякарствы прымаеце? – папярэдне запытала ўрач.

 

-- Няма ў мяне ніякіх хваробаў, і таблеткі я не п’ю, а вось прышчэпку мне зрабіце, бо пажыць яшчэ хачу, -- здзівіла сваёй пазіцыяй Гелена Іванаўна. 

 

Кожную вясну Сабіна і Чэслаў Седляры на ўвесь сезон едуць на дачу ў Вялікае Сяло, дзе з задавальненнем працуюць на зямлі. Дома за гаспадыню застаецца цётачка Гелена. Калі, часам, наведаюцца госці, яна тут жа дранікі згатуе і пачастуе так, што іх неверагодны смак надоўга запомніцца. Шчыра клапоцяцца пра бабулю і часта наведваюцца стрыечныя ўнучкі Ірына і Аліна.

 

-- Я вельмі рада, што ў мяне такі ўсеразумеючы муж, што дочкі выраслі чулымі ды спагадлівымі, -- распавядае Сабіна Уладзіміраўна Седляр. – Я сама сіратою была -- трагічна загінула мая мама, а цёці тады не пакінулі ў бядзе. Іх дабрыню я памятала ўсё жыццё, лічыла і лічу сваім абавязкам даглядзець іх у старасці.

 

Вось такая эстафета міласэрнасці ў гэтай радзіне перадаецца з пакалення ў пакаленне. Пагадзіцеся, цудоўны прыклад для ўсіх нас.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!