“Скарбоначка”, “Дразды” і гучныя апладысменты. Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору адсвяткаваў свой 65-гадовы юбілей

 

Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору адсвяткаваў 65-гадовы юбілей з дня заснавання. Сцэнічная пляцоўка каля ўстановы культуры была перапоўнена. Юбілейны дзень нараджэння чакалі з нецярпеннем культработнікі і гледачы.

 

Гісторыя Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору пачалася ў 1958 годзе. Тут вечарамі мясцовая моладзь танцавала, а днём і пасля працы юнакі і дзяўчаты спяшаліся ў клуб на сеанс кінафільмаў, рэпетыцыі, мерапрыемствы і канцэрты. Праз яго сцэну прайшло не адно пакаленне жыхароў Дэмбрава. Адным з першых загадчыкаў была Валянціна Слабуха, якой пашанцавала пачынаць тут культурную кар’еру. Ішлі гады, мянялася жыццё, на змену прыходзілі іншыя людзі. Раслі калектывы, іх прафесійнае майстэрства, і практычна кожны жыхар вёскі мог знайсці тут сабе захапленне па душы. 

 

 

Павіншавала калектыў Дома фальклору з юбілеем і пажадала яму далейшага працвітання старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта: “За шасцідзесяціпяцігадовую гісторыю ў Дэмбраўскім Доме фальклору змянілася некалькі пакаленняў культработнікаў. Кожны з іх зрабіў свой уклад у развіццё гэтай невялікай, але вельмі важнай для аграгарадка ўстановы. Вельмі прыемна адкрываць сенняшняе свята, якое сабрала вялікую колькасць людзей, і самымі ганаровымі сярод іх з’яўляюцца маленькія жыхары аграгарадка Дэмбрава. Ім развіваць і прадаўжаць тыя традыцыі, якія вы захоўваеце. 65 гадоў -- гэта толькі пачатак, а самае цікавае і важнае яшчэ наперадзе”.

 

 

Алена Васільеўна ўзнагародзіла Пісьмом-падзякай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” за значны ўклад у развіццё нацыянальных культурных традыцый.

 

 

Прадоўжылі цырымонію ўзнагароджання старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна. Яны шчыра павіншавалі віноўнікаў урачыстасці, выказалі словы падзякі за захаванне народнай спадчыны, пажадалі далейшага росквіту і ўручылі граматы і падзякі людзям, хто сваёй працай і талентам славіць шчучынскую зямлю: “Творчы шлях Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору непарыўна пераплятаецца з жыццём тых, хто стаяў у вытокаў, хто працягвае дарыць свой талент, хто заўсёды чакае гледачоў, каму лепшай узнагародай былі і застаюцца гучныя апладысменты.  Дзякуем за вашу працу, за ваш творчы падыход, вашу невычэрпную энергію. Жадаем новых творчых перамог і поспехаў”.

 

 

У гэты дзень самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з юбілеем прагучалі з вуснаў дырэктара ААТ "Дэмбрава" Аляксандра Тулі і многіх іншых.

 

 

Дэмбраўскаму сельскаму Дому фальклора здаўна спадарожнічала добрая слава. У гэтым заслуга таленавітых культработнікаў, сапраўдных энтузіястаў сцэны: Ніны Пятроўны Аўсейчык, Марыі Уладзіславаўны Семяновіч, Святланы Леанідаўны Семяновіч, Таццяны Станіславаўны Ціцяк, Наталлі Станіславаўны Гардзейчык, Станіслава Вацлававіча Трусіла.

 

На працягу многіх дзесяцігоддзяў Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору для жыхароў Дэмбрава гэта той куточак, дзе сапраўды жыве мастацтва.  Радуе сваімі выступленнямі ўзорны фальклорны калектыў “Скарбоначка”, візітнай карткай якога з’яўляецца побытавы танец “Дэмбраўская кадрыля”. 5 сакавіка 2019 года танцу нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка–культурнай каштоўнасці. Сёння, як і шмат гадоў таму, тут віруе творчае жыццё. Самадзейныя артысты пад кіраўніцтвам Эльвіры Мечыславаўны Сухоцкай і Алены Іванаўны Аліхвер рыхтуюць разнастайныя мерапрыемствы і канцэртныя праграмы.

 

 

У гонар свайго юбілею работнікі Дома фальклору, іх выхаванцы арганізавалі сапраўднае свята, дзе паказалі ўсе свае таленты. Юбілейнае мерапрыемства было напоўнена цяплом, ветлівасцю і шчырымі ўсмешкамі. Гледачы дзякавалі ўдзельнікам дружнымі апладысментамі.

 

Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стаў яркі і эмацыянальны канцэрт гурта "Дразды" -- аднаго з вядомых беларускіх гуртоў, які пакарыў сэрцы простых людзей. Іх песні ведае амаль кожны -- ад малога да вялікага. Прыезд калектыву стаў доўгачаканым не толькі для жыхароў аграгарадка, але і для многіх прыхільнікаў іх творчасці са Шчучынскага раёна. Дарэчы, выступленне артыстаў стала падарункам мясцовым жыхарам ад кіраўніцтва ААТ “Дэмбрава”.

 

 

-- Гэта быў не проста юбілейны вечар, гэта было сапраўднае шоу, якое закранула пачуцці і эмоцыі кожнага! Шмат людзей, апладысментаў, песень… Усе засталіся задаволеныя і шчаслівыя. Столькі любві і душы ўкладзена! – такімі водгукамі дзяліліся гледачы. -- Хочацца, каб Дом фальклору і ў далейшым не збаўляў тэмпаў і цешыў сваёй творчасцю нас, мясцовых жыхароў.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!