Трагічныя старонкі мінулага. У СШ № 1 прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Дня памяці ахвяр злачынства генацыду

 

9 снежня ва ўсім свеце адзначаўся Сусветны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства. Памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, прайшлі і ў нашым раёне.

 

Так, у народным музеі баявой славы, што дзейнічае на базе сярэдняй школы № 1 горада Шчучына, была праведзена экскурсія для вучняў, якія нядаўна дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Школьнікі ўважліва агледзелі экспазіцыю, прысвечаную генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсію для іх правялі старэйшыя вучні, наведвальнікі гуртка “Музеязнаўства”. На мерапрыемства таксама прыйшоў намеснік пракурора Шчучынскага раёна Дзмітрый Гайдукевіч.

 

 

Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. На Шчучыншчыне былі забіты і замучаны больш за 9500 чалавек. Асабліва трагічнай старонкай таго ліхалецця стала вынішчэнне яўрэяў. На тэрыторыі нашага раёна нацысты стварылі 4 гета, яны дзейнічалі ў Шчучыне, Астрыне, Жалудку і Васілішках.

 

Памяць аб нявінных ахвярах вайны жыве ў нашым сэрцы, і разам з тым усё больш новых падрабязнасцяў аб тых страшных падзеях мы даведваемся з матэрыялаў крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым падчас экскурсіі расказаў Дзмітрый Гайдукевіч.

 

 

– Расследаванне крымінальнай справы накіравана на недапушчэнне спроб абясцэніць гістарычную праўду, яе захаванне для маладога пакалення, – звярнуўся да школьнікаў намеснік пракурора раёна. – Трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа тычыцца кожнага з нас. І сёння мы павінны захаваць памяць аб гераізме нашых продкаў, засвоіць урокі гісторыі, каб вайна не паўтарылася зноў. Таму вельмі добра і правільна, што ў вашай школе дзейнічае такі музей.

 

Таксама падчас экскурсіі Дзмітрый Гайдукевіч перадаў школьнаму музею кнігу “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці”. У гэтае выданне ўвайшлі новыя і раней невядомыя сведчанні аб лагерах смерці на тэрыторыі БССР.

 

 

Пасля мерапрыемства слухачам экскурсіі, якія нядаўна дасягнулі 14-гадовага ўзросту, былі ўручаны падарункавыя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Сімвалічна, што ўручэнне кнігі прыпала на такую дату. Важна памятаць, што ў грамадзяніна акрамя правоў ёсць і абавязкі, адзін з якіх – ведаць і захоўваць гісторыю свайго народа для наступных пакаленняў.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!