У памяці жыве той боль… Адкрыты дыялог на тэму генацыду беларускага народа сабраў моладзь у Шчучыне

 

Памятаць урокі мінулага трэба для таго, каб не дапусціць памылак у будучым. Асабліва важна гэтыя словы гучаць у кантэксце гістарычнай памяці нашага народа, які безліч разоў зведаў пакуты вайны, але змог вытрымаць усе выпрабаванні. Памяць трэба перадаваць нашчадкам, якія пранясуць яе ў наступныя пакаленні. З гэтай мэтай у нашым раёне рэгулярна праводзяцца адкрытыя дыялогі з удзелам моладзі. Адно з такіх мерапрыемстваў нядаўна прайшло ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, яно было прысвечана абмеркаванню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

 

У ролі спікераў на мерапрыемстве выступілі пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка і намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Жанна Мецько. У адкрытым дыялогу ўзялі ўдзел старшакласнікі навучальных устаноў Шчучына і прадстаўнікі пярвічных арганізацый БРСМ нашага раёна.

 

 

З дакладам па асноўнай тэме выступіў Алег Вялічка. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на мэты і прычыны расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. Таксама пракурор раёна падзяліўся бягучай статыстыкай. Так, на 1 снежня 2023 года па крымінальнай справе дапытана 17900 пацярпелых і сведкаў, праведзены агляд 491 меркаванага месца знішчэння і пахавання мірнага насельніцтва, таксама праведзена 40 раскопак. Праваахоўнікі ўстанавілі і даследавалі 569 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, 89 з іх раней былі невядомы.

 

Пошукавыя работы вядуцца і на тэрыторыі нашага раёна. Так, раскопкамі на полі каля вёскі Еўлашы і Чапаеўка займаліся байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Як адзначыў Алег Валер’евіч, у наступным годзе раскопкі будуць праводзіцца каля вёскі Юцеўцы. Ёсць сведчанні, што ў той мясцовасці ў гады вайны былі растраляны і пахаваны яўрэі.

 

 

– Нам важна разабрацца ў дэталях, паказаць кожны факт знішчэння мірнага насельніцтва па кожным населеным пункце, – тлумачыць Алег Вялічка. – Устанавіць час, дату і назвы часцей і падраздзяленняў, якія гэтым займаліся. Важна скласці спісы карнікаў, а таксама знайсці імёны ахвяр. Неабходна данесці гэтую праўду да шырокай грамадскасці, і асабліва да моладзі.

 

Далей прысутныя абмеркавалі інтарэсы сучаснай моладзі. Асаблівая ўвага была нададзена кнігам і фільмам, якімі сёння цікавяцца выпускнікі школ. Падчас размовы ўдзельнікі сустрэчы прышлі да высновы, што трэба пашыраць свае веды пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дзеля рэалізацыі гэтай мэты Жанна Мецько выступіла з ініцыятывай праводзіць сустрэчы з моладдзю ў кінатэатрах. Там юнакі і дзяўчаты маглі б азнаёміцца з фільмамі былых часоў і сумесна абмеркаваць іх. Такую прапанову ўдзельнікі сустрэчы ўспрынялі станоўча.

 

 

Напрыканцы адкрытага дыялога пракурор Алег Вялічка расказаў аб крымінальнай абстаноўцы ў нашым раёне.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!